Goodbye Ленін
цмок
lagodny_cmok

Здарылася гэтая гісторыя ў тыя далёкія часы, калі ўсе мы былі піянерамі, насілі чырвоныя гальштукі, хадзілі “строем” распяваючы рычоўкі ў якіх кляліся вырасці дастойнай зменай старэйшым камуністам-ленінцам. Памятаеце ўсе гэтыя “Взвейтесь кострами синие ночи, мы пионеры дети рабочих! В борьбе за дело коммунистической партии будь готов –всегда готов!” І гэтак далей.

Мы з бацькамі толькі атрымалі новую дзвухпакаёку і пераехалі на новае месца жыхараства ў толькі адбудаваны мікрараён на вуліцы Асаналіева. Натуральна мне разам са зменай месца жыхарства прыйшлося перайсці і ў новую школу. Так, з добрай школы з англійскім ухілам (англійскай мовай з першага класу) я патрапіў у звычайную школу, якая знаходзілася проста насупраць майго дому. Памятаю, што я вельмі хваляваўся перад першым верасня. Новая школа, новы клас, як я ўпішуся ў яго? Я ж буду адзіны “новенькі” і да мяне будзе пільная ўвага не толькі з боку настаўнікаў але аднакласнікаў? Вядома хлопцы захочуць праверыць што гэта за “новенькі”, як ён трымаецца, як ён у бойцы… Але хваляванні мае былі дарэмныя, бо ўсе мае аднакласнікі апынуліся “новенькімі”, усе былі “перасяленцамі” з навакольных навабудаў.

Сама школа была таксама новай і яе дырэктарка напэўна была жанчынай не без амбіцый. Яна відаць вырашыла зрабіць са школы ўзорна-паказальную ідэалагічную ўстанову. На адным з паверхаў школы на сцяне з мазайкі быў выкладзены профіль шэфа ЧК Фелікса Дзяржынскага і знаходзіўся музэй міліцыі, які распавядаў пра гісторыю стварэння міліцыі ў БССР, аб няспыннай барадзьбе “органаў” па ўстанаўленню савецкай улады на нашых тэрыторыях.

Але гэтага здалося замала нашай маладой ды амбітнай дырэктарцы. На другім паверсе школы яна запланавала зрабіць штосці накшталт ленінскага пакою ці нэкропалю – з фотаздымкамі сям’і Ільіча, іншымі фотаздымкамі прысвечанамі “вождю міравога пралетарыяту”, але самым шыкоўным з задуманага быў профіль Леніна выкладзены на сцяне з кавалачкаў люстэрак! Такога дакладна ні ў воднай школе не толькі Кастрычніцага р-на сталіцы не было, але і бадай ва ўсім Менску і Менскай вобласці! Пасля такога нашую дырэктарку проста былі абавязаныя прасунуць па службовай лесвіцы ў ГАРАНА, ды што там -- у Менскі гарсавет! Дадзены “пачын” дырэктаркі быў горача ўхвалены Радай піянерскай дружыны школы, якая даручыла ўсім піянерам прыносіць кавалачкі з люстраў для ўвасаблення гэтай геніяльнай ідэі. Так, усе піянеры і камсамольцы школы, што ў тыя часы азначала ўвесь вучнёўскі склад, далучыліся да практычнай рэалізацыі манументальнага твора. Да канца навучальнага года праца была амаль скончана і яе планавалі завяршыць падчас летніх вакацыяў, калі ў школе будзе ціха і ніхто не будзе замінаць майстрам. Я не памятаю дакладна ці прынёс я ў школу кавалачак люстэрка, паўдзельнічаўшы так ім чынам у агульна-піянерскім “пачыне”, але я дакладна памятаю, што стаў сведкам і магчыма саўдзельнікам знішчэння люстранога пано.

На летнія вакацыі ўсе вучні разбегліся на адпачынак. Большасць з маіх аднакласнікаў паехала да сваіх бабуль-дзядуль у вёскі.   Так атрымалася, што ў мяне не было вёскі і я разамі з такімі ж беспрытульнымі быў вымушаны хадзіць у школьны лагер. Трэба сказаць, што ў мяне была альтэрнатыва ў выглядзе піянерскага лагеру, але пабываўшы ў такіх лагерах двойчы я быў упэўнены, што абмежаванне волі значна лепей за яе пазбаўленне і абраў школьны лагер, так хоць прынамсі начаваць дома буду. У лагеры кармілі, прапаноўвалі некалькі экскурсій па роднаму Менску, сярод якіх мне асабліва спадабалася экскурсія па толькі што здадзенаму ў эксплуатацыю менскаму метро, дакладней па першых здаецца пяці станцыях. У цэлым жа у лагеры было сумна і нудотна. Разам са мной у школьным лагеры быў мой аднакласнік Сярожка Д., гэткі тоўсценькі вясельчак. У яго была рагатка. Так, сапраўдная рагатка з гумавым бінтам. Сярожка проста па-майстэрску страляў з яе дробнымі каменьчыкамі, а часам і жалезнымі шарыкамі з падшыбнікаў. Асабліва файна было калі стрэльнуць такім жалезным шарыкам у шыбу, шкло пры гэытм не білася, а ў месцы куды патрапіў шарык заставалася роўненька дзірачка, як ад кулі. Шыкоўна!

Ну вось у адзін з такіх нудотных летніх дзён мы з Сярожкам гулялі па апусцелых школьных калідорах. Па дарозе Сярожка растрэльваў з рагаткі школьныя шыбы, робячы ў іх дзірачкі ад куль. І раптам … наш позірк упёрся … у люстранога Ільіча на сцяне. Я непамятую, хто прапанаваў гэтую ідэю, але дакладна памятаю, што мы абодва былі проста ў захапленні ад яе, стрэліць у адно з люстэрак на сцяне! Сярожка дастаў з кішэні чарговы жалезны шарык, заклаў яго ў рагатку, прыцэліўся і … О божа! Люстэркі проста адвалі ліся ад сцяны і з грохатам бразнуліся аб бетонную падлогу! Ленін папросту знік, зпоўз у нас на вачах са сцяны і рассыпаўся на дробныя кавалкі!

“Вух ты!” -- вырвалася ў нас абодвух і тут жа мы з жахам паглядзелі адзін на аднога: “ Бяжым хутчэй! Што зараз будзе?!”

Неяк незаўважна нам удалося выбегчы з будынку школы. На вуліцы перавёўшы дыханне мы дамовіліся з Сярожкам ні ў якім разе не распавядаць нікому пра тое, што здарылася. Нікому! Інакш нам гамон!

А што было пасля? Пасля было шмат шуму-гаму. Адміністрацыя школы шукала, хто здзейсніў гэты акт вандалізму. Зараз можна толькі здагадвацца, што б чакала нас з Сярожкам калі б даведаліся што гэта былі мы. Як мінімум выгналі б са школы напэўна. Але ніхто не даведаўся. Мы ж далі адзін адному слова!

Прайшлі гады, знік камуністычны Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Сярожка пасля заканчэння ПТВ працуе, расціць дзяцей і напэўна забыўся пра гэтую старую гісторыю. Я не ведаю ці ўдалося зрабіць кар’еру нашай дэрыктарцы, але памятую, што неяк гадоў праз дзесяць пасля гэтай гісторыі, на пачатку 90-тых, заўшоўшы ў сваю школу я убачыў на месцы тога люстранога пано новавыкладзены з мазайкі профіль … Францішка Скарыны.


Я ведаю, што такое эміграцыя.
цмок
lagodny_cmok
Цяпер я ведаю, што такое эміграцыя --гэта самота.

Права на дарэмную адукацыю.
цмок
lagodny_cmok
Неяк прывёўшы чарговы раз на гурток у 23-цую гімназію свайго малога выпадкава ўтачыў нос у пералік правоў і абавязкаў вучняў гэтай самай гімназіі, якія былі вывешаныя на сцяне класа. У раздзеле "правы вучняў" у першым радку было напісана, што вучням гарантуецца права на атрыманне дарэмнай адукацыі... Вось такія вось гарантыі, блін.

Не вучыць вас жыццё сп. Кулінковіч.
цмок
lagodny_cmok
Прачытаю сёння чарговы допіс паважанага сп. Кулінковіча. www.naviny.by/rubrics/opinion/2011/03/26/ic_articles_410_172987/ . Дзіўныя высновы і пасажы. Асабліва пра агульны "здаровы сэнс усіх адукаваных людзей" мне спадабалася.  Аказваецца ва ўсіх забаронах вінаватыя меньшыні і паліткарэктнасць. Не, шаноўны сп. Куліноковіч, вас забараніла "падаўляючая" бальшыня. Ва ўсе часы і ва ўсіх народаў забароны робяцца ад імя народа і ў інтарэсах "общего здравого смысла всех образованных людей", большасці то бок.  Вось сэнс вашых песень, па меркаванні гэтай самай падаўляючай (якая ўсіх і ўся давіць) большасці, не вызначаюцца здаровым сэнсам і кепска ўплываюць на моладзь.  Не вучыць вас жыццё сп. Куліноковіч. А шкада.

Партызаны не здаюцца!
цмок
lagodny_cmok
Толькі што пазванілі Алесю Бяляцкаму з Генеральнай пракуратуры і запрасілі пагутарыць наконт Вясны ў сераду ў 15.00. Мабыць будуць афінцыйнае пракурорскае папярэджанне выносіць аб недапушчальнасці дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі,. Злобны цень 193.1 КК лунае над Вясной, але партызаны не здаюцца.

Даша дзякуй вам вялікі!
цмок
lagodny_cmok
Прачытаў сёння інфармацыю пра імпрэзу ўзнагароджання прэміяй "Люблю Беларусь", якая была зладжаная Маладым фронтам. З прыемным здзіўленнем даведаўся, што ў намінацыі "Грамадcкая чыннасць" прэмію сёлета атрымалі Праваабарончы цэнтр "Вясна" і БХК за арганізацыю кампаніі назірання за выбарамі "Праваабаронцы за свабодныя выбары". Прыемна канешне, што і казаць. Але я падумаў, што ўсё ж такі прэмію трэба было ўручыць Дашы Каткоўскай і ўсім тым валантэрам, якія зладзілі і арганізавалі збор дапамогі і ахвяраванняў для рэпрэсаваных беларусаў. Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" праводзілася сіламі дзвух буйнейшых правабарончых арганізацыяў краіны, прычым у такім фармацые (БХК/Вясна) яна робіцца ўжо не першы год. Яна планавалася даўна, да яе рыхтаваліся. Так, папрацавалі на славу... але.
Даша і яе валантэры зарганізаваліся хутка, сваечасова і без усялякіх рэсурсаў. Яны зрабілі такую важную і не абходную працу і галоўнае далі магчымсць беларусам праявіць САЛІДАРНАСЦЬ.  Калі я бачыў гэтыя чэргі на Управе БНФ са звычайных (не заангажаваных у шматлікіх рухах і партыях) людзей, якія неслі хто, што мог,  у  мяне на вачах наварочвалісь слёзы. Для мяне гэта было самым галоўным вынікам усіх гэтых падзеяў!

Я не сказаў Вам гэта пры сустрэчы, таму скажу  праз інтэрнэт. Дзякуй Вам Даша! Дзякуй за вашую энергію, за вашу спагаду і добрае сэрца! Маю асабістую прэмію  я ўручаю Вам і іншым адважным валантэрам! Дзякуй Алёне Валынец, Сяржуку і Ірыне Семянюк! Я ганаруся і захапляюсь вамі!

Жыццё працягваецца.
цмок
lagodny_cmok
Сёння ў 13.25 на свет з'явілася маленькае, цудоўнае стварэнне. Мая дачушка, як светлы промнік сярод цемры і жудасцяў апошніх дзён. Жыццё працягваецца...

Какой-то я странный.
цмок
lagodny_cmok
Сёння з раніцы пазванілі з "Еўрапейскага радыё для Беларусі" і папрасілі зрабіць камент пра датэрміновае галасаванне ў прамым эфіры. Покуль там ішлі нейкі настройкі я ў тэлефон пачуў дыялог журналісткі з нейкім чалавекам, відаць гукарэжысерам. Увогуле гэта не зусім прафесійна выказвацца адносна таго,  у каго збіраюцца браць каментар ці інтэрвью ды яшчэ так, што гэта чуваць апошняму.  Яны перакідваліся нейкімі жартамі, а потым гукарэжысэр і кажа: "Правозащитники! Не люблю я их, какие-то они ...м... странные."  Потым мяне падключылі ў прамы эфір. Ніякіх каментароў  наконт пачутага я не рабіў, прамы эфір усё ж такі. Ды і не прэтэндую я на тое, каб мяне ўсе любілі і ўсенароднага прызнання мне таксама не патрэбна. Для нас праваабронцаў быць "странными" увогуле нармалёвы стан душы. У гэтым свеце ёсць людзі, якія любяць і нават кахаюць мяне. Мне гэтага цалкам дастаткова каб пачувацца шчаслівым чалавекам.

А вось шаноўным журналістам і іншым супрацоўнікам Еўрарадыё я б параіў быць больш пільнымі. А каб гэта быў які-небудзь кандыдат у Прэзідэнты, якія б пазней выйграў выбары? Яны, кандыдаты гэтыя,  розныя бываюць. Потым толькі пазбаўленнем акрэдытацыі ў Беларусі не аддзелаліся б. Адзін вядомы мне вусаты кандыдат вось ужо 16 гадоў краінай кіруе і яшчэ відаць столькі ж кіраваць збіраецца.

Маўчанне ягнят.
цмок
lagodny_cmok
Падчас кожных выбараў разумееш наколькі запалоханыя нашыя няшчасныя грамадзяне. Прымус да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні з кожнай чарговай выбарчай кампаніяй набывае ўсё больш вычварныя формы. Вось ужо на выбарчыя ўчасткі на некаторых прадпрыемствах г. Барысава працоўныя будуць хадзіць разам са сваімі начальнікамі цэхаў, каб тыя засведчылі і пракантралявалі факт удзелу ў галасаванні сваіх падначаленых.  Пры гэтым як заўсёды НІВОДНАЙ!!! скаргі ў пракуратуру аб прыцягненні такіх вось "начальнікаў" да адказнасці. Татальны маўчок. Людзі нават калектыўныя скаргі пісаць баяцца. А студэнты? Дзе ваш малады крэатыў? Ну баіцеся вы пісаць скаргі на сваіх затраханых сістэмай дэканаў, ну вы хаця б на відэа здыміце, ці на дыктафон запішыце. Жах!  Безгалосая краіна.

Jealous Guy
цмок
lagodny_cmok
Як шкада, што ягонае жыццё абарвалася. Як шкада, што яно абарвалася менавіта тады, калі ён быў поўны творчых і жыццёвых плянаў пасля пяцігадовага зацішша. Ен толькі выдаў новы, першы за апошнія пяць гадоў альбом Double Fantasy і працаваў над новым, які плянаваў выпусціць на пачатку наступнага году. І самае галоўнае, ён нарэшце стаў жыць у згодзе з самім сабой і акружаючым навакольным светам...

8-га снежня 1980 г. не стала Джона Леннана, чалавека які будаваў адначасова і сцены і масты, марыў аб свеце ў якім няма за што ваяваць і няма за што паміраць. Мяне заўсёды заварожвала гэтая дзіўная асоба ў круглых "бабульчыных" акулярах. У ім дзіўным чынам спалучалася дзёрскасць, я б сказаў нейкая злоснасць і пяшчота. У ягоных сольных працах,  так не падобных на песні ранняга перыяду The Beatles, так шмат суму і тугі, але ў той жа час любові. І сапраўды, а што нам усім больш за ўсё патрэбна ў гэтым жыцці --толькі любоў. Толькі яна ўяуляе сапраўдную вартасць.
Яму было ўсяго толькі 40 гадоў. Зараз, калі я амаль наблізіўся да гэтага ўзросту,  разумею як гэта мала. "Жыццё гэта тое, што адбываецца з табой покуль ты заняты плянамі на будучыню" --сказаў у адной са сваіх песень не задоўга да смерці Джон. Трэба цаніць гэтае "цяпер", бо будучыня ... яна адна ў нас ва ўсіх. Усё вельмі хуткаплынна ў гэтым свеце.

?

Log in

No account? Create an account