А савецкія жаўнеры, яны добрыя ці кепскія?
цмок
lagodny_cmok
"А Савецкія жаўнеры, яны добрыя ці кепскія" --спытаў мяне сёння мой пяцігадовы сын, канчаткова заблытаўшыся ў найноўшай гісторыі. І я не ведаў што яму адказаць. Як усё гэта растлумачыць дзіцёнку, які па-дзіцячы дзеліць свет на "добрых" і "кепскіх", на "нашага Вітаўта" і "крыжакоў-фашыстаў"? Асабліва ўлічваючы, што ўсе ягоныя дзяды, прадзеды і нават тата ў свой час былі гэтымі самымі савецкімі жаўнерамі. Я не стаў нічога тлумачыць. Потым, пазней. Няхай у ягоных гульнях добрае дабро заўсёды перамагае кепскае зло.

Just think ….
цмок
lagodny_cmok

 Заўсёды з цікавасцю чытаю допісы Аляксандра Кулінковіча на сайце naviny.bу. Чытаю з цікавасцю, хаця шмат з чым пагадзіцца ў ягоных развагах я не магу.  Увогуле дзіўнае ўражанне ў мяне складаецца ад гэтых допісаў. Я разумею, што шмат якія свае развагі аб жыцці- быцці сп. Кулінковіч стылізуе пад думкі гэткага сярэднестатэстычнага беларускага абыватэля, змучанага безалкагольным півам.  Такі народны тыпаж шырака прадстаўлены на вуліцах нашага роднага гораду, праўда змучаны ен часта не безалкагольным півам, а рознага кшталту “бырлам”. Аднак некаторыя ідэі допісаў глядзяцца як трывалая жыццёвая пазіцыя іх аўтара. Я,  як ненавісны дадзенаму аўтару ліберал-заходнік, прыхільнік ідэяў талеранцыі і ўсялякага плюралізму (ад палітычнага да культурнага), вядома прызнаю за аўтарам права прытрымлівацца ягоных поглядаў, аднак пагадзіцца з імі  не магу. Ды і не пісаў бы я нічога, калі б не апошні артыкул Кулінковіча змешчаны на  naviny.by  пад назовам «Против всепрощения»( http://www.naviny.by/rubrics/opinion/2010/11/28/ic_articles_410_171433/).  Так, гэта Праваабарончы цэнтр “Вясна” рассылаў лісты да вядомых людзей Беларусі (у тым ліку да Кулінковіча) з просьбай далучыцца да кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”.  Некаторыя далучаліся, некаторыя адмаўліся. Кожны вядома вырашае гэта для сябе сам. Справа не ў гэтым. У сваім допісе сп. Кулінковіч піша што ён не проста супраць смяротнага пакарання, а нават за яго ўзмацненне і ў тым ліку для сваякоў злачынцы. Чаму спытаеце вы? Таму, што ён супраць “всепрощения” і мяркуе, што такія захады спыняць «хаця б адну мразь”.  Акрамя ўсяго прочага сп. Кулінковічу вельмі не падабаюцца ўсе гэтыя палікарэктнасці, талерантнасці і Еўрапейскі лібералізм. Ну хочацца чалавеку гея называць підарам і выкінуць з краіны гэтых асацыяльных, нідзе не працуючых цыганоў, праўда выкінуць пакуль з чужой краіны, з Францыі. Усё гэтыя “довады” проста вымушаюць мяне, як праваабаронцу сказаць, што я пра гэта думаю і ўступіць няхай сабе і ўяўную палеміку з афтарам.

 З пачатку колькі словаў пра палікарэктнасць, талерантнасць і прочыя “гадасці”.

 Для мяне спадар Кулінковіч талеранцыя даўно стала элементам уласна чалавечай культуры, сацыяльнай нормай.  Менавіта талерантнае, плюралестычнае, адкрытае грамадства ёсць гарантыяй сп. Кулінковіч ад таго, што Вы і Вашыя песьні не будуць знаходзіцца ў “чорных спісах” таму, што яны не прыйшліся да спадобы якому-небудзь чарговаму “вусатаму” правадыру народаў, гарантыяй ад таго, што Вас самога не расцэняць як “асацыяльнага элемента” і не вышлюць жыць на “сто першы кіламетр”, ці што яшчэ горш, не накіруюць прымусова аздаравіцца ў які не будзь “лячэбны прафілакторый”. Мяркую  Вам гэта не надта падабаецца. Мне таксама. Менавіта таму я з’яляўся гарачым прыхільнікам плюралістычнага грамадства ў якім разам суіснуюць і спаборнічаюць паміж сабой розныя палітычныя погляды, ідэалогіі і мадэлі грамадства. Пры гэтым пажадана каб прысутнасць самой дзяржавы ў штодзённым, прыватным жыцці чалавека была мінімальнай.

 Я ніколі не дазволю сабе назваць чалавека “хахлом”, “нігерам”, “підарам”, “жыдам”. Я лічу, што гэта не проста “не паліткарэктна”, гэта мярзотна і прыніжальна. Гэта тое, што абражае чалавечую асобу. Грамадства, якое жыве на прынцыпах узаемапавагі, прыняцця свету ва ўсім яго багацці і разнастайнасці і ёсць талерантным грамадствам. А свет зараз стаў іншы чым ён быў у 19 і нават у 20 стагоддзі. Дзякуючы глябалізацыі ўзаемапранікненне  народаў, культураў значна павялічалыся і будзе павялічвацца хочам мы гэтага ці не. А крытыкавалі Сарказі правільна, бо высылаючы з краіны грамадзянаў краіны Еўразвязу (Румыніі), ён тым самым  парушаў прынцыпы свабоды перамяшчэння, якія ў гэтым жа Еўразвязе дэкляраваныя. Прычым рабіў гэты выключна па нацыянальнай прыкмеце, без разбору ці “распальваў вогнішчы ў ліфце” канкрэтны грамадзянін ці не. Зараз Сарказі прапанаваў адбіраць грамадзянства Францыі за здзяйсненне злачынства, прычым нават у ўжо народжаных у Францыі. Толькі ён забыўся, што сам сын венгерскіх імігрантаў. Так, што французы кажуць, што у іх ёсць шанец (у адрозненні ад нас) адправіць Ніколя на радзіму продкаў калі што.

 Што датычыцца смяротнага пакарання. Ведаеце я заўсёды быў прыхільнікам гуманізму і лічу, што людзі не павінны забіваць людей, што людзей увогуле НЕ ПАВІННЫ забіваць ні пры якіх абставінах. Нават ад імя дзяржавы. Я бачыў мацярок растраляных. Я ведаю пра што кажу. Паверце, для іх гэта тое самае, што для родных ахвяраў злачынства, якое здзейсніў іх сын. Але яны пакараныя яшчэ болей. У іх нават няма магілы іх сына, яны пазбаўлены такой магчымасці. Вы лічыце гэта па-людску не даць маці пахаваць свайго сына? Ці як яшчэ вы прапануеце ўзмацніць адказнасць для родных, а сп. Кулінковіч? У нас 12 складаў злачынства ў КК прадугледжвае смяротнае пакаранне, прапануеце ўвесці яшчэ? Ці можа   казніць публічна жанчын, непаўнагадовых, як гэта робяць у так ненавісных вамі ЗША? Так, у ЗША казняць на 50 чалавек штогод, што выводзіць іх у сусветныя “лідэры” разам з Іранам, Кітаем, Пакістанам і Саўдаўскай Аравіяй. Менавіта на гэтыя краіны прыходзіцца да 90% усіх казняў у свеце. Беларусь можа не ўводзіць мараторый, можа не ратыфікоўваць Еўрапейскай канвенцыі правоў чалавека і не прызнаваць кампетэнцыю Страсбурскага суда па правах чалавека і далей жыць на месяцы, адарвана ад усёй  “прагніўшай ліберальнай Еўропы”. Еўропы, дзе таксама парушаюць правы чалавека, але значна больш магчымасцей іх абараніць. Адсутнасць смяротнага пакарання ў Еўропе, гэта цывілізацыйны выбар, калі заўгодна.

 Вы ў сур’ёз лічыце, што наяўнасць смяротнага пакарання стрымлівае злачыннасць?  За апошнія тры гады колькасць цяжкіх злачынстваў і забойстваў у Беларусі ўпала ў некалькі разоў у параўнанні з 90-мі гадамі. Менавіта ў 90-тыя была растраляна найбольшая колькасць людзей –да 30-40 штогод. З 2000 па 2 -4 штогод.  Атрымліваецца, што калі растрэльвалі болей і злачынасць большая была. Такая тэндэнцыя міжіншым назіраецца і ў шмат якіх краінах свету пасля адмены імі смяротнага пакарання –у Літве, Канадзе і інш. Навукова даказана, што наўянасць смяротнага пакарання не ўплывае на ўзровень злачыннасці. Акрамя таго, сп. Кулінковіч, я мяркую Вам не трэба распавядаць пра метады “працы”  нашай міліцыі і пра “незалежнасць” нашай судовай сістэмы мяркую Вы  таксама ўжо начутыя. Дык вось я мяркую, што пры такіх умовах наяўнасць смяротнага пакарання ўвогуле не дапушчальная, бо няма гарантыі, што ў ролі “мразі”, пры пэўным сцёку абставінаў, не апынецеся Вы ці я.  Я размаўляў з хлопцамі, якія правялі па паўтары гады ў СІЗА і падчас суду ім давялося пачуць страшныя словы з вуснаў пракурора – выключная мера пакарання. Дзякуючы ўсявышнім сілам і адвакату Магілёўскі абласны суд апраўдаў іх. У ЗША з 1973 года каля 112 чалавек былі вызваленыя з камер смяротнікаў, паколькі іх віна не была даказана ці яны былі прызнаныя не вінаватымі і цалкам апраўданыя. Забойства невінаватага гэта занадта дарагі кошт гэтага пытання.

 Я не прапаную дараваць злачынствы. Кожны, хто парушыў закона мусіць несці за гэта адказнасць прадугледжаную законам, у тым ліку і пажыццёвае зняволенне. Тут талеранцыя не прычым.

 Я не стаўлю на мэце  Вас у нечым пераконваць. Проста падумайце пра гэта. Just think –як казаў адзін вядомы нон-камфарміст у круглых акулярах.

 

 

 

 

 

                     


Знойдзены шчанучок.
цмок
lagodny_cmok
Мая сястра сёння на прыпынку на вул. Асаналіева знайшла шчанюка. Чорны, з даўгімі лапамі, знешне падобны ці то на лабрадора ці на дога, а магчыма нейкі мяшанец. Вельмі вясёлы, даверлівы шчанючок. Яна б сабе яго пакінула, ды ў яе кот дома жыве і ў маіх бацькоў таксама кот дома. Карацей калі хто хоча ўзяць сабе ў хату маленькага сябра --званіце па нумару 37529 325 40 30 (Вольга).

Садаўская дзедаўшчына.
цмок
lagodny_cmok
Мой малы ходзіць у дзіцячы садок,  у міжузроставую групу. У гэтай групе разам дзеткі ад трох да шасці гадоў. Дык вось калі мой малы туды прыйшоў у трохгадовым узросце, сярод старэйшых быў хлопец Альгерд.  Альгерду гэтаму было шэсць гадоў і ён, вядома, быў  лідэрам у групе. Ен падабаўся ўсім дзяўчынкам і малыя хлопцы яго баяліся і паважалі. Два гады назад Альгерд гэты пайшоў у школу.  Некалькі дзён назад мой Адась неяк між іншым заявіў: "Сёлета я Альгерд у групе". А потым дадаў: "Але я маленькіх крыўдзіць не буду".

Такія вось справы. Альгердаўшчына ў дзіцячых установах аднак.

Стынг падтрымаў кампанію супраць смяротнага пакарання ў Беларусі
цмок
lagodny_cmok
Стынг падтрыаў кампанію "Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання". Фота і відэа глядзіце па гэтай спасылцы http://www.spring96.org/be/news/35539/

Срыце граждане ў кусты.
цмок
lagodny_cmok
Я ўвогуле не аматар помнікаў савецкае эпохі, але сёння ад няма чаго рабіць мы з жонкай і сынам паехалі паглядзець старыя савецкія танкі часоў апошняй сусветнай, што стаяць на пляцоўцы каля Кургана славы. Малы праязджаючы па дарозе на лецішча бацькоў міма "Лініі Сталіна" даўна прасіўся паглядзець на танкі і гарматы, якія там стаяць. Вось мы і выбралі Курган славы, як "найменьшае зло". Там хаця б помніка Сталіну няма. Ну вось прыехалі мы значыць, малы радасна лазіць па танках ды гарматах, а мне як на ліха ў прыбіральню захацелася. Ну думаю, аб'ект турыстычны, мусіць быць дзесці і прыбіральня. І праўда, бачу адпаведныя ўказальнікі. Падыходжу да такой жаданай дзвяры з надпісам "М" і "Ж" і .... дзверы зачыненыя на замок. Больш ніякай інфармацыі, ніякіх шыльдаў кшталту "Ушла на базу" ці "Закрыта на пераучот". Блін, што рабіць. Іду ў адзіную кавярню на тэрыторыі гэтага турыстычнага аб'екту. Пытаюся ў цёценькі дзе я магу схадзіць у прыбіральню. У адказ чую, што ў кавярні прыбіральні няма, адзіная там, на вуліцы." Алеж яна зачыненая" ---кажу я і чую ў адказ такое мілае і звыклае з савецкіх часоў-- "а я тут пры чым?" Ну ні прычым вядома, толькі мне што рабіць? " А дзе адміністрацыя?" -- раззлавана пытаюся я ў цёценкі і яна адпраўляе мяне ў нейкі  беленькі дамок, які знаходзіцца побач з кавярняй. Падыходжу да дамка, а там пост аховы грамадзкага парадку ў якім сядзяць два маладзенькія міліцыянцікі. "Хлопцы што гэта робіцца, гэта ж турыстычны аб'ект, тут вунь колькі людзей ходзіць, а прыбіральня зачыненая" -- кажу я і зноўку чую ў адказ адвечнае -- "Ну а мы тут прычым? Адміністрацыі няма ў выходныя, а ў прыбіральшчыцы працоўны дзень да шасці". Кола замнулася. Срыце граждане ў кусты. Вось гэта па нашаму, па савецку! Турыстычны аб'ект ёсць, а прыбіральня зачыная. Асабліва рэкамендую для асобаў жадаючых па-настальгіраваць па "слаўным савецкім мінулым". Я вось будучы калісці байцом Савецкай арміі ў гэтай "нестандартнай сітуацыі, прыбліжанай да баявой" адразу ўзгадаў радкі з прысягі --  стойка перанасіць усе цягаты і няўзгоды ваеннай службы. І мой арганізм адразу ж змабілізаваўся і забыўся на свае жаданні. Так што очань рэкамендую.

Чуть помедленнее кони ...
цмок
lagodny_cmok

Я памятаю гэты душны ліпеньскі вечар 1980 года. У восень гэтага году я павінен быў ісці ў школу а пакуль, на лета бацькі адвезлі мяне  да бабулі ў Глуск. У Маскве грымела Алімпіяда. Усе вакол мусілі быць шчаслівыя і вясёлыя, інакш у краіне “пабядзівшего сацыялізьму” і быць не павінна.  Увечары ў бабулінай хаце з’явіўся мой бацька. Я застаў яго седзячым за сталом. Бацька быў п’яны і ён плакаў. У гэты дзень стала вядома, што ў Маскве памёр Уладзімір Высоцкі. Імя Высоцкага ў маёй свядомасці звязана менавіта з маім бацькам. Менавіта ён адкрыў для мяне Уладзіміра Сямёнавіча. З самага дзяцінаства я памятаю ягоны хрыплы голас, які быў запісаны на бабіны магнітафона.  Мой бацька і Высоцкі неяк злучаныя разам у маёй свядомасці. Мой бацька па- асабліваму адчуваў “савецкую рэчаіснасць” і відаць таму Высоцкі быў вельмі сугучны ягонамў ўспрыняццю. Як зрэшты і мільёнам іншых нашых былых савецкіх суайчыннікаў. Трэба адзначыць, што свядома з  творчасцю Высоцкага  я пазнаёміўся ўжо значна пазней, у сярэдзіне 80-тых. Калі стаў больш дарослым. Шмат якія ягоныя песні я дагэтуль памятаю на памяць.  Прайшло 30 гадоў, шмат чаго змянілася, не стала краіны “вечнага шчасця”. Скончылася гэтая душная, як той ліпеньскі вечар 1980, эпоха. Эпоха, якая душыла паэтаў і прыхільнікаў іх творчасці. Кожны ратаваўся ад гэтай духаты па свойму. Не ўсе вытрымлівалі, нехта з’язджаў, нехта паміраў. А нехта плакаў п’яны на кухні ў час калі савецкія грамадзяне стройнымі шэрагамі будавалі светлую будучыню, здзяйснялі трудавыя і ратныя (каму не пашанцавала пратрапіць у НДРА) подзьвігі і свяршэнні.

Іншы час, іншая эпоха. Але дзесці там у глыбіны свядомасці застаюцца гэтыя чорна-белыя і каляровыя фільмы памяці—душнае лета, плачучы бацька, і хрыплы голас з дынамікаў магнітафона “Чуть помедленнее кони, чуть помедленнее ...”


Піянер усім рабятам прымер!
цмок
lagodny_cmok
Неяк нядаўна ехаў я з раніцы ў маршрутцы Ракаў--Менск. Нягледзячы на тое, што была гэта раніца, я ў быў ў незусім належным стане, бо прапьянстваваў з таварышамі ўсю ноч, ды яшчэ і півам пахмяліўся зрання. Карацей сяджу я на сядзенні з нейкай маладзіцай па суседству, хістаюся з бока ў бок і амаль сплю. Тут на наступным прыпынку значна паболела пасажыраў. Каля мяне нейкія цёткі і дзядок сталі. Ды я і не глядзеў надта хто там зайшоў, так краем мутнага вока заўважыў. Еду далей, хістаюсь і баюся зваліцца на  маладзіцу,  што сядзіць побач. Тут нейкі настойлівы, амаль настаўніцкі жаночы голас кажа: "Малады чалавек вы не маглі б саступіць месца старому чалавеку?" Я прадраў вочы і мне здалося, што зварот быў да мяне, прынамсі дзядуля каля мяне стаяў. "Ды магу ў прынцыпе, толькі баюся, што калі я ўстану, дык магу ўпасці на каго-небудзь" --сказаў я ўстаючы з месца. А дзядок той з кіёчкам быў і мабыць праўда яму месца саступіць трэ было. Так вось хістаючыся і палохаючы пасажыраў сваім магчымым раптоўным падзеннем я і даехаў да станцыі мэтро "Каменная горка" І тут мне падумалася, што я нейкі саракагадовы піянер, ну амаль саракагадовы. Вось паднялі з месца, быццам бы як і правільна, але з іншага боку .... цёценька, я ўжо дарослы, мне 38 гадоў, магу пашпарт паказаць. (с) Хрэнь нейкая.

Дзірка ў жалезнай заслоне
цмок
lagodny_cmok
Гэтую незвычайную гісторыю мне распавёў Яўген Вапа (старшыня аб'яднання беларусаў Польшчы). Таксама пра гэтую гісторыю пісалі ў адным з нумароў газеты "Ніва" (гэта тая, што ў Беластоку).

Было гэта ў далёкім 1964 годзе ў савецка-польскім памежжы. Нягледзячы на тое, што Народная Польская Рэспубліка ў тыя часы знаходзілася ў сацыялістычным лягеры, мяжа паміж Польшчай і СССР была такая ж шчыльная, як і з краінамі "капіталістычнага" лягеру. Мяжа, якая была ўстаялваная ў 1947 годзе, паводле пагаднення паміж Польшчай і СССР (менавіта тады было вырашана аддаць Беласток і Беласточчыну ў склад Польшчы) разрэзала беларускія пушчанскія вёскі проста па жывому. Людзі, якія жылі па-суседству, мелі сваякоў, сяброў і мяркую каханых у суседніх вёсках раптам апынуліся жыхарамі розных дзяржаваў. Гэта быў час "жалезнай заслоны". Людзі не маглі вольна паехаць у суседнюю краіну, каб пабачыць сваіх родных і сяброў. Некалькі дзесяткаў кіламетраў, якія аддзялялі людзей раптам сталі проста не пераадольным мурам. Польшча ў сваю чаргу выселіла жыхароў беларускіх вёсачак, якія апынуліся ў памежнай зоне, адсунуўшы ўсе населеныя пункты на некалькі дзесяткаў кіламетраў ад мяжы. І вось ў адзін летні дзень 1964 года жыхары вёсак па абодва бакі мяжы прыйшлі касіць сена на лугах, якія былі ў памежнай зоне. Былыя суседзі, сваякі, сябры маглі толькі здалёк пабачыць адзін аднога. Вядома, што з савецкага боку стаяў жаўнер памежных войскаў, які сачыў каб ніхто не дай божа не перабег на той бок. І вось адна старая жанчына падышла да гэтага жаўнера і кажа яму: "Сыночак, там мая сястра, якую я 20 гадоў не бачыла, дазволь мне хаця б абняцца з ёй". Салдацік па апісанню людзей быў "касавокенькі" (відаць паходзіў з савецкіх сярэдня-азіяцкіх рэспублікаў). На яго гэтая трагедыя раз'яднаных сем'яў зрабіла моцнае ўражанне і відаць само паняцці сям'і, крэўных родзічаў былі для яго не пустым гукам, як для жыхара традыцыйнага Усходу. Ён і дазволіў. Людзі пабеглі адзін да аднога пачалі абдымацца, цалавацца, потым і выпіваць ад радасці. Праз некалькі хвілінаў навіна, што "саветы" адкрылі мяжу імгненна разляцелася па навакольных беларускіх вёсках. Праз нейкі час там ужо быў суцельні пікнік. Людзі частавалі адзін аднога, гаманілі, проста радаваліся доўгачаканай сустрэчы. Праз пэўны час польскім памежнікам стала вядома, што на мяжы робіцца нешта "нядобрае", але яны падумалі, што гэта ўлады СССР прынялі такое рашэнне і пабаяліся нешта рабіць, бо СССР гэта ж галоўны, яму відней, як кажуць. Потым ужо схамянуліся і на баку СССР, "дзірку" на мяжы хутка закрылі, усіх людзей загналі ў іхныя краіны грамадзянскай прыналежнасці. Па вёсках на полькім баку доўга хадзілі іхныя памежнкікі і распытвалі ці не быў там хто з тога боку мяжы. Усе людзі казалі, што не не былі, ніхто нікога не здаў. Салдаціка тога "касавокенькага" вядома судзілі трыбуналам вайсковым і кажуць, што калі ён сядзеў у Брэсце ў турме перадачкі яму слалі зусім не вядомыя людцы з тых памежных вёсак, прычым за абодвух бакоў. Вось так у 1964 годзе на кароткі час у "жалезнай заслоне" атрымалася дзірка, значна раней чым зваліўся Берлінскі мур.

Вясноўскі ролік "Не смяротнаму пакаранню ў Беларусі"
цмок
lagodny_cmok


?

Log in

No account? Create an account